Прэзідэнт Францыі спадзяецца, што Кітай падтрымае намаганні, накіраваныя на дасягненне спынення агню ва Украіне. З 3 снежня Эманюэль Макрон знаходзіцца з дзяржаўным візітам у Пекіне, дзе абмеркаваў сітуацыю ва Украіне з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам.
Французскі лідар падкрэсліў, што Кітай і Францыя як краіны-заснавальніцы ААН нясуць асаблівую адказнасць за дасягненне ўстойлівага міру ва Украіне.
«Спадзяюся, што Кітай зможа далучыцца да нашага закліку як мага хутчэй забяспечыць хаця б спыненне агню — у форме мараторыя на атакі па крытычнай інфраструктуры. Гэта надзвычай важна ўзімку, бо грамадзянская інфраструктура, асабліва энергетычная, і надалей застаецца пад расійскімі абстрэламі», — заявіў Макрон.
Падчас перамоваў з Сі Цзіньпінам французскі лідар таксама папярэдзіў пра небяспеку ўзмацнення геапалітычнай і эканамічнай напружанасці паміж Еўропай і Кітаем.
«Нічога не з’яўляецца простым. Сучасныя эканамічныя нераўнавагі і геапалітычныя крызісы могуць прывесці да таго, што нашы краіны пойдуць рознымі шляхамі. Але мы абодва перакананыя ў важнасці міжнароднай супрацы, у ролі ААН і эфектыўнага мультылатэралізму», — адзначыў палітык.
Сі Цзіньпін, у сваю чаргу, запэўніў, што Пекін падтрымлівае мірныя ініцыятывы адносна Украіны і імкнецца адыгрываць «канструктыўную ролю», аднак выступае супраць — як выказаўся камуніст — «безадказных і дыскрымінацыйных абвінавачванняў». Гэта была відавочная алюзія на заявы ўкраінскіх уладаў аб тым, што Кітай аказвае Расіі ваенную падтрымку.
iar/эж